Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

ТЭРЫТАРЫЯЛЬНАЯ МАБІЛЬНАСЦЬ НАСЕЛЬНIЦТВА БЕЛАРУСI Ў ПАЧАТКУ XX ст. (ПА МАТЭРЫЯЛАХ «НАШАЙ НIВЫ»)

 

Скачать

М. В. Крук

Рэспубліка Беларусь, г. Мiнск

 

Матэрыялы першай беларускай газеты «Наша Нiва» дазваляюць узнавiць розныя бакi жыцця многiх слаёў тагачаснага грамадства на тэрыторыi як нашай краiны, так i за яе межамi. На старонках газеты разглядалiся праблемы беларускай культуры, адукацыi, падрыхтоўкi кадраў. Рэгулярна друкавалicя мастацкiя творы беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў. Цiкавасць выклікаюць i матэрыялы, звязаныя з тэрытарыяльнай мабiльнасцю насельнiцтва Беларусi.

Нягледзячы на навуковую актуальнасць вызначанай праблемы, яе комплекснага аналiзу ў Беларусі не было зроблена. Разгледжаны толькi прыватныя пытаннi, звязаныя з заходнім накірункам эмiграцыі беларускага насельніцтва i з выездам у Сiбiр [7, 9]. Па гэтай прычыне любая iнфармацыя, нават супярэчлiвага характару, з’яўляецца важнай для вывучэння дадзенай тэмы. У сувязі з гэтым матэрыялы «Нашай Нiвы» – даволi каштоўная крынiца па праблеме, прычым не толькi для даследавання пяцi беларускіх губерняў, але i для Расiйскай імперыi ў цэлым.

Пытаннi, звязаныя з мiграцыямi, нiколi не падтрымлiвалiся дзяржаўнымi ўладамi. Не было дакладнага заканадаўства, асаблiва калi гаварыць пра выезд у заходнiм напрамку. У сувязi з гэтым на старонках «Нашай Нiвы» неаднаразова ўздымаліся гэтыя пытанні. Так, у адным з нумароў газеты за 1910 г. адзначалася, «што ў нашых законах аб эмiграцыi (выселеньнi) бадай што нiчога не сказано… таму часта людзi пераходзяць цераз расейскую гранiцу саўсiм без паспорта – патайна; калi ж iх зловяць пры гэтым, суд iх карае» [4, 4]. Матэрыялы газеты часта iстотна ўдакладняюць iнфармацыю з iншых крынiц.

Рэдакцыя газеты спрабавала вызначыць асноўныя прычыны як унутранай (у межах Расiйскай імперыi), так i знешняй мiграцыi насельнiцтва Беларусi. Найчастей аўтары «Нашай Нiвы» звярталі ўвагу на малазямелле сялянства, звязанае з хуткiм ростам насельнiцтва i недастатковай тэхнiчнай абсталяванасцю гаспадарак, церазпалосiцу, неразвiтасць прамысловасцi, якая прыводзiла да павелiчэння прапановы рабочай сiлы i панiжэння ўзроўню заработнай платы ў краiне, канфесiйную палiтыку [1, 2–3].

Аналiз матэрыялаў «Нашай Нiвы» за 1906 – 1914 гг. дае падставы сказаць, што газета надавала асаблiвую ўвагу сялянскай мiграцыi. У ёй адзначаліся два накiрункi вырашэння аграрнага пытання для сялян Беларусi: першы – пошук лепшай долi на Захадзе цi Усходзе, а другi – iнтэнсiфiкацыя i ўдасканаленне сялянскай гаспадаркi. Часта гэта выглядала як два этапы на шляху да паляпшэння сялянскага жыцця: зарабiць грошы на чужбiне, а потым пашырыць сваю гаспадарку на радзiме. Так, асабiсты карэспандэнт газеты ў Паўночнай Амерыцы не толькi паказаў у сваiх артыкулах заробкi працоўных у ЗША, што былi ў 4–5 разоў вышэй, чым на радзiме, але i зазначыў, што «там нашы беларусы, не прывыкшыя да раскошнага жыцця, за 2–3 гады ўжо складаюць капiтал i варочаюцца да сваiх родных вёсак з «амерыканскiмi грашыма»… таму найменш тры чвэрцi нашых мужыцкiх капiталаў – гэта з Амерыкi» [1, 1]. Падобная iнфармацыя была надрукавана i пра заробкі ў краiнах Заходняй Еўропы [5, 6–7]. Безумоўна, такiя артыкулы, калi траплялi да сялян, не маглi не мець водгуку.

Нярэдка ў артыкулах «Аб эмiграцыi» даваліся парады, як зрабiць неабходныя дакументы i пашпарт. Ёсць iнфармацыя i пра цяжкасцi на гэтым шляху: «… пакуль абойдзеш усе канцэлярыi, пакуль дастанеш усе патрэбныя дакументы i паспорт, дык i часу шмат прыйдзецца страцiць, i грошэй, а як яшчэ калi чэлавек цёмны, то справа iдзе ешчэ горш» [4, 3–4].

Параўнальны аналiз матэрыялаў «Нашай Нiвы» дазваляе сказаць, што iнфармацыi i артыкулаў на старонках газеты пра перасяленне на Усход у некалькi разоў менш, чым пра заходнi накiрунак. Прычым уласныя карэспандэнты выдання з Сiбiры пiсалі не столькi пра ўмовы жыцця на чужбiне, колькi пра цудоўную прыроду [4, 41]. Аднак заўсёды падкрэслiвалася, што весцi гаспадарку там цяжка. «Гэта папраўдзi «сьляпое» перасяленьне: …нашым беларусом больш памаглi б патрачэные на iх перасяленне грошы, калi б, заместа ў Сiбiры, далi нашым селянам падмогу ў роднай старонцы, … як, напрыклад, банчкi [банкi. – М. К.] з танным крэдытам, школы сельскай гаспадаркi i паказныя хутары, дзе хлебароб мог бы навучыцца лепшых спосабаў гаспадаркi i, маючы крэдыт, здолеў бы iх у сябе завесцi» [5, 8].

У газеце «Наша Нiва» змешчана даволi вялiкая колькасць статыстычнай iнфармацыi, звязанай з мiграцыямi беларускага насельнiцтва (падлiкi колькасцi выехаўшых, параўнальныя падлiкi кошту жыцця ў розных краiнах, кошт пераезду на новае месца i iнш.), але няма дадзеных, з якiх крынiц яна была атрымана. Нягледзячы на гэта, параўнальны аналiз з архiўнымi дадзенымi мае тэндэнцыю да адэкватнасцi змешчанай там iнфармацыi. Але пытанне аб статыстыцы патрабуе далейшага разгляду і з’яўляецца тэмай для далейшай навуковай працы.

Працэс тэрытарыяльнай мабiльнасцi насельнiцтва Беларусi ў пачатку XX ст. залежаў ад вялiкай колькасцi фактараў, галоўным з якiх быў эканамiчны. Мiграцыi з'явiлiся аб'ектыўным вынiкам капiталiстычнага развiцця паслярэформеннай беларускай вёскi, безумоўна, уплывалі на ўсе сферы тагачаснага сялянскага жыцця.


1. Наша Нiва. 1906. № 5.
2. Наша Нiва. 1907. № 31.
3. Наша Нiва. 1909. № 41.
4. Наша Нiва. 1910. № 4.
5. Наша Нiва. 1910. № 35.
6. Наша Нiва. 1911. № 3.
7. Семейных З. М. Аграрные миграции белорусского крестьянства в Сибирь в период империализма (1900–1914): Автореф. дис.… канд. ист. наук / АН Беларуси. Ин-т истории. Мн., 1986.
8. Цiхамiраў А. В. Беларуская эмiграцыя: 90-я гг. 19 ст.–1917 г.: Аўтарэф. дыс.… канд. гiст. навук / АН Беларусi. Ін-т гiсторыi. Мн., 1994.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика