Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

З ГIСТОРЫI ЎТВАРЭННЯ ЦЭНТРАЛЬНАГА АПАРАТУ ЎЛАДЫ НА ТЭРЫТОРЫI ЗАХОДНЯЙ ВОБЛАСЦI I ФРОНТУ Ў ЛIСТАПАДЗЕ 1917 г.

 

Скачать

З. А. Канстанцінава

Рэспубліка Беларусь, г. Мiнск

 

Натуральным вынікам Кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе была ўпартая барацьба мясцовых партыйных арганізацый за ўстанаўленне ў правінцыі ўлады Саветаў. З гэтай нагоды, а таксама імкнучыся надаць легітымнасць перавароту, бальшавікамі ў Мінску былі праведзены з’езды: Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і ІІ з’езд армій Заходняга фронту.

19 лістапада (2 снежня) пачаў работу ІІІ з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. На з’езд з’явіліся 337 дэлегатаў, у ліку якіх пераважалі беднякі і сераднякі. З’езд быў скліканы бальшавікамі, праходзіў пад іх кіраўніцтвам і адпаведна пад іх уплывам прымаў рашэнні. Па пытанні аб нацыянальным самавызначэнні Беларусі з’езд выказваўся за яе асобнае краёвае кіраванне ў складзе адзінай дзяржавы «…з вялікай рэвалюцыйнай Расіяй» [4, 284]. З’езд пастанавіў абраць новы камітэт у складзе 35 асоб і, дубліруючы рашэнні ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў, прызнаў неабходным аб’яднанне новага выканкама Савета сялянскіх дэпутатаў з выканкамам Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

І. П. Несцераў (старшыня выканкама Савета сялянскіх дэпутатаў) адразу заявіў, што ён не прызнае з’езда і паўнамоцтваў сваіх не складае [4, 283]. Нягледзячы на яго пратэсты, быў абраны новы выканкам на чале з М. І. Крывашэіным. У адказ стары камітэт стаў збіраць яшчэ адзін сялянскі з’езд, адкрыццё якога было прызначана на 1 снежня. ВРК Заходняга фронту загадам ад 25 лістапада (8 снежня) паставіў мяркуемы з’езд па-за законам, які ў мэтах барацьбы з контррэвалюцыяй забараняў праводзіць без дазволу ВРК з’езды, канферэнцыі і ўсялякія палітычныя мерапрыемствы. Загад таксама прадпісваў новаму выканкаму прыняць усе справы ад старога, а апошні лічыць звергнутым і ніякіх яго распараджэнняў не выконваць [1, 289]. Тым не менш на сялянскі з’езд старога выканкама з’ехаліся прадстаўнікі 69 валасцей. З прычыны малой колькасці дэлегатаў ён быў названы надзвычайным з’ездам сялян Мінскай губерні.

Становішча з двума выканкамамі абмяркоўвалася на трэцім пленарным пасяджэнні Абласнога выканкама Заходняй вобласці і фронту (АВК). Быў прапанаваны наступны спосаб па вырашэнні сітуацыі – аб’яднаць абодва камітэты ў адзін. Гэта прапанова выклікала адпор з боку бальшавікоў, якія лічылі дадзены крок немагчымым з прычыны асабістага складу старога выканкама, якi «...стаіць за старую ўладу» [5, 3]. У выніку спрэчак было пастаноўлена распусціць стары выканкам, а ўсе яго справы перадаць зямельнаму аддзелу АВК [4, 314]. Рэалізаваць гэта рашэнне ўдалося толькі пасля арышту старшыні абласнога камітэта партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў І. П. Несцерава і старшыні выканкама Савета сялянскіх дэпутатаў І. Н. Макрэева, абранага на надзвычайным з’ездзе Мінскай губерні [6, л. 18]. Сваімі дзеяннямі бальшавікі ў чарговы раз паказалі нежаданне ісці на кампраміс, звычку вырашаць спрэчныя пытанні шляхам сілы, а не дамоўленасцю.

19 лістапада адкрыўся з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. З 560 дэлегатаў бальшавікоў падтрымлівалі 460. Працуючы ў рэчышчы рашэнняў ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў, з’езд асудзіў сацыялістычныя партыі, якія яго пакінулі у той час, калі паўстаўшыя рабочыя, салдаты, матросы змагаліся супраць кааліцыйнага буржуазнага Часовага ўрада. З’езд адобрыў дэкрэты, прынятыя ІІ з’ездам Саветаў, а таксама падтрымаў савецкі ўрад. Быў абраны выканаўчы камітэт у складзе 35 асоб [3, 121].

Прызнаць вынікі і рашэнні гэтага з’езда ў якасці волевыяўлення беларускага народа даволі складана. У гарадскія Саветы дэпутаты абіраліся на фабрыках, заводах або прафесійным саюзам, а не ад усяго насельніцтва. А гэта ў большай ступені забяспечвала выбранне прадстаўнікоў пралетарыяту. Пры такім падыходзе па-за межамі выбаршчыкаў заставаліся інтэлігенцыя, капіталістычныя элементы, служачыя і інш., якія, нягледзячы на ідэалагічныя погляды бальшавікоў, таксама мелі права вырашаць лёс роднага краю.

І. М. Ігнаценка ў сваёй манаграфіі «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі» прыходзіць да высновы, што ў працы гэтага з’езда амаль не прымалі ўдзел прадстаўнікі Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а Мінская і Віленская былі прадстаўлены дэпутатамі толькі паловы ўсіх Саветаў [3, 121]. Гэта меркаванне грунтуецца на артыкуле газеты «Звезда», прысвечаным адкрыццю з’езда. Паведамленне ўтрымлівае звесткі аб прадстаўніцтве з’езда. Згодна з ім, на з’езд прыбылі дэпутаты ўсяго 16 Саветаў [1, 114]. Але калі ўзгадаць колькасць дэлегатаў з’езда, то атрымліваецца, што з кожнага Савета было прыслана па 35 дэпутатаў. Памылковасць вываду заснавана на спецыфічных асаблівасцях такой крыніцы, як прэса. Газетныя паведамленні таго часу, нават афіцыйных друкаваных органаў, часта ўтрымлівалі памылкі, недакладную інфармацыю і т. п. Такім чынам, пытанне наконт прадстаўніцтва з’езда з прычыны адсутнасці дакладных крыніц пакуль што застаецца адкрытым.

20 лістапада (3 снежня) адбылося адкрыццё з’езда армій Заходняга фронту. Гэты з’езд адлюстроўваў новыя суадносіны палітычных сіл у краіне ўвогуле, і на Заходнім фронце ў прыватнасці. З агульнай колькасці 714 дэлегатаў з правам рашаючага голасу было 633 і дарадчага – 81. Партыйны склад з’езда выглядаў так: бальшавікоў – 473, левых эсэраў – 74, правых эсэраў і цэнтрыстаў – 7, анархістаў – 5, меншавікоў – 24, беспартыйных – 103 [3, 114]. Старшынёй з’езда пераважнай большасцю галасоў быў абраны бальшавік А. Ф. Мяснікоў.

Даклад аб дзейнасці Франтавога камітэта зрабіў яго старшыня эсэр Кажэўнікаў. Крызіс, які перажывала партыя эсэраў, паставіў дакладчыка ў складаную сітуацыю, і ён засяродзіў увагу не на палітычнай дзейнасці камітэта, а на яго тэхнічнай рабоце. Ад партыі бальшавікоў з дакладам выступіў Мяснікоў. Ён абвінавачваў Франтавы камітэт у тым, што той стаў правадніком волі Часовага ўрада на Заходнім фронце, што адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў. Прадстаўнік меншавікоў гаварыў аб неправамернасці дзеянняў бальшавікоў, якія за два тыдні да выбараў Устаноўчага сходу арганізавалі ўзброенае паўстанне [3, 116].

Вышэйшым органам кіраўніцтва фронтам стаў новы Франтавы камітэт у складзе 100 чалавек. Выбары ў яго адбываліся па прынцыпу прапарцыянальнага прадстаўніцтва з’езда. Кандыдаты прызначаліся фракцыямі з’езда з складу асоб, якія маглі і не з’яўляцца дэлегатамі з’езда [4, 294]. Ад бальшавікоў было абрана 80, ад левых эсэраў – 10, ад меншавікоў – 4, ад правых эсэраў – 6 чалавек [6, л.86]. Звычайна паўнаўладнымі органамі, якія вырашалі палітычныя і гаспадарча-адміністрацыйныя пытанні, лічыліся з’езды Саветаў. А тут гэта функцыя была ўскладзена на Франтавы з’езд. Ён і прыняў рашэнне аб утварэнні адзінага для Заходняга фронту і Заходняй вобласці органа кіраўніцтва, які ў пастанове аб арганізацыі савецкай улады на гэтай тэрыторыі, надрукаванай у газеце «Советская правда», называецца Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту.

26 лістапада 1917 г. ВРК Заходняга фронту прыняў рашэнне аб арганізацыі Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў. Склад гэтага органа быў адпаведным складу Савета Заходняй вобласці і фронту, і паміж імі можна паставіць знак роўнасці, акрамя адной дэталі: Аблвыкамзах у адрозненне ад Савета аб’ядноўваў у сабе і выканаўчую, і заканадаўчую функцыі. Што тычыцца самого прынцыпу пабудовы абласнога органа кіравання, то ён у цэлым супадаў са структурай Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта, якая была прынята 3 лістапада на пасяджэнні УЦВК.

Такім чынам, у лістападзе 1917 г. у Мінску прайшлі тры з’езды, на якіх аформілася унікальнае ваенна-цывільнае ўтварэнне з адзіным кіруючым цэнтрам – Заходняя вобласць і фронт. Зыходзячы з класавай і лакальнай абмежаванасці абодвух грамадзянскіх з’ездаў, можна ўпэўнена гаворыць, што яны не былі правамоцны вырашаць пытанні дзяржаўнага, палітычнага, адміністрацыйна-гаспадарчага ўладкавання Беларусі. Усё сказанае адносіцца яшчэ ў большай ступені да ІІ Франтавога з’езда, удзельнікамі якога былі людзі, што выпадкова апынуліся на Беларусі.


1. Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Сб. докл. и материалов. Т. 2. Мн., 1957.
2. Гимпельсон Е. Г. Из истории строительства Советов (ноябрь 1917–июль 1918). М., 1958.
3. Ігнаценка І. М. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Мн., 1995.
4. Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Сб. докл. и материалов. Т.4. Мн., 1954.
5. Советская правда. 1917. 8 (21) декабря.
6. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 60. Воп. 3. С. 347.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220030, г. Минск, ул. Красноармейская, д. 6
тел. +375 17 259-72-23
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика