Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

ДА ПЫТАННЯ АБ УДЗЕЛЕ СЯЛЯНСТВА БЕЛАРУСІ Ў ВЫБАРАХ ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ (ЖНІВЕНЬ–ЛІСТАПАД 1917 г.)

 

Скачать

І. М. Рыжанкоў

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

З падзеннем расійскага самаўладдзя новаўтвораны ўрад на чале з Г. Львовым прадставіў магчымасць сялянству былой імперыі, у тым ліку беларускіх губерняў, удзельнічаць у рэарганізацыі, стварэнні і працы дзяржаўных органаў улады (валасных, харчовых і зямельных камітэтаў, камісарыятаў). На Беларусі пасады губернскіх камісараў занялі былыя старшыні губернскіх земскіх упраў, а былыя выканаўчыя органы земскага сходу папоўнены прадстаўнікамі ад сялян і «дэмакратычных груп» [10, 242]. Прыцягненне сялян было абумоўлена не столькі агульнадэмакратычнай патрэбай, колькі неабходнасцю харчовага забеспячэння арміі і горада сельскагаспадарчымі прадуктамі і перапынення аграрнага руху. Вырашэннем гэтых пытанняў займаліся валасныя камітэты (пастанова ад 20 сакавіка) [11, 162]. Прадугледжвалася, што названыя камітэты павінны былі спыніць сваю дзейнасць пасля абрання павятовых і валасных земстваў, якім у сваю чаргу адыдзе мясцовае самакіраванне.

Прыступіўшы да арганізацыі земскіх выбараў на прыфрантавой Беларусі, Часовы ўрад вырашыў прытрымлівацца тэрыторый, акрэсленых «Палажэннем аб земскіх выбарах» ад 27 красавіка 1911 г. Адпаведна выбары галосных у валасное і павятовае земства былі праведзены ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях. Характэрна, што для жыхароў неакупіраванай Віленскай губерні гэтая акцыя мусіла адбывацца ўпершыню.

Да Лютаўскай рэвалюцыі сялянам, каб трапіць галосным у земскія ўстановы неабходна было прайсці адпаведныя этапы – выбары на валасным сходзе, зацвярджэнне земскім начальнікам і губернатарам. Новае выбарчае заканадаўства прадугледжвала ажыццяўленне выбараў на аснове дэмакратычных прынцыпаў – усеагульнага, роўнага, тайнага і прамога галасавання «пасродкам падачы запісак згодна заяўленым кандыдатскім спісам» [5]. Але тайная форма падачы галасоў стала адной з галоўных прычын пратэстных акцый сялянства, паколькі яна супярэчыла традыцыі адкрытага галасавання на валасных сходах. Так, адкрытае ігнараванне «галасавання пасродкам запісак» выявілі вясковыя выбаршчыкі Мінскага, Мазырскага, Рэчыцкага і Навагрудскага паветаў [4, 304–305]. Разам з фактамі стыхійнага байкоту выбараў да губернскага камісара трапляліся шматлікія паведамленні аб збіванні, арыштах старшынь і членаў выбарчых камісій [4, 303]. Да слова, варта прыгадаць арышт «натоўпам народа» старшыні выбарчай камісіі князя Друцкага-Любецкага, які быў абвінавачаны ў «ліквідацыі спіса № 2 (сялянскіх) кандыдатаў у галосныя, замест якіх кідаў спіс № 1». Паводле праведзенай праверкі выявілася, што старшыня дзейнічаў адпаведна закону аб выбарах – ліквідаваў выбарчыя лісты «прынесеныя асобамі, якіх не аказаліся ў спісах выбаршчыкаў» [2, 302]. Як паведамляў камісар Мінскага павета Міхельсон «выбары валасных галосных у пяці валасцях прайшлі поўнасцю, у пяці – часткова і ў пяці – выбары сарваны» [4, 304]. У той самы час істотных парушэнняў выбарчага заканадаўства зафіскавана не было.

Да гвалтоўных акцый падключаліся жанчыны. Так, у в. Пярэжыры Ракаўскай воласці «пяць жанчын забралі выбарчую скрыню і даставілі яго каменданту м. Ракава» [2, 302]. Як паведамляў Мінскі губернскі камісар Б. М. Самойленка, прычынай зрыву валасных земскіх выбараў у Самахвалавічах з’явілася адмова члена выбарчай камісіі Высоцкага «прыняць бюлетэнь ад незалічанай у спіс выбаршчыкаў жанчыны». Пасля збівання Высоцкага і старшыні камісіі настаўніка Гранатовіна «натоўп крычаў, што ўсё зло ад памешчыкаў і патрабаваў арышту членаў камісіі» [4, 303]. Верагодна, падобнае супрацьдзеянне жанчын было выклікана распаўсюджаным у сялянскім асяроддзі ўяўленні аб земскіх выбарах як «вяртанні старога рэжыму», як спробе перапісаць мужыкоў для мабілізацыі на фронт, невыпадкова таму «ў шматлікіх месцах бабы ўрываліся ў памяшканні выбараў і знішчалі справаводства» [3].

Як вядома, на Міншчыне ў большасці валасцей земскія выбары не здзейсніліся [3]. Нам падаецца, што тагачасныя дзеячы земскага руху Піншчыны выразна зазначылі прычыны цяжкасцей правядзення выбараў – «невуцтва і цемната сялянскай масы, пры поўнай амаль адсутнасці інтэлігентных сіл» [4, 350]. Іншая справа, што падрыхтоўчая праца (агітацыя, прапаганда) па арганізацыі земскіх выбараў была вельмі «малой», «выключная большасць выбарчых акругоў не былі палітычна падрыхтаваны да выбараў» [13].

Ад падобнай «хваробы» пакутавалі некаторыя паветы Магілёўскай губерні, дзе «сяляне не зразумелі, навошта выбіраць і як выбіраць і што выбіраць, не разумеючы сутнасць справы, тады справа губляла свой сэнс і значэнне» [8]. Адметна, што пасля праве- дзенай агітацыі «за сялянскі спіс» на сялянскім з’ездзе Бабруйскага павета (20 жніўня) група хутаран адмовілася выстаўляць свой спіс. «...Яны ж меня спаляць, заб’юць, ей-Богу заб’юць», – казалі яны [1]. Не апошнюю ролю адыграў няўдалы час для выбараў: на перыяд жнівень–кастрычнік прыпадаў галоўны сялянскі гаспадарчы клопат – збор ура- джаю [9].

У цэлым працэнт удзелу асноўных выбаршчыкаў – сялян у розных мясцовасцях вагаўся ад 10 да 60 % [12, 243].

У выніку выбараў у большасці мясцовасцей перавагу атрымалі кандыдаты левых партый – ПС-Р, Бунда, РСДРП, АЯСРП, а таксама нацыянальных груп (у большасці яўрэі і палякі). Партыйная прыналежнасць сялянскіх кандыдатаў была нязначнай. Сярод абраных пераважалі «пісьменныя сяляне», у некаторых мясцінах абралі «настаўнікаў» [7], «дзельных, маладых і свядомых, якія з’яўляліся членамі іншых арганізацый» [6].

Мяркуем, што слабая актыўнасць выбаршчыкаў, незавершанасць павятовых земскіх выбараў, затрымка з фарміраваннем губернскіх земстваў і інш. не дазволілі пабудаваць на месцах трывалыя ўладныя структуры, каб спрыяць стабілізацыі мясцовага гаспадарчага жыцця і прадухіліць масавы сялянскі рух. Відавочна, што ўрадавыя сілы прыклалі ўсе намаганні, каб сялянства мела магчымасць дэмакратычным шляхам скарыстаць сваё права абіраць і быць абранымі ў органы самакіравання. У гэтым жа накірунку дзейнічалі шматлікія дзяржаўныя і грамадска-палітычныя арганізацыі, іх органы друку. Сяляне сустрэлі масу агітатараў і мелі магчымасць пазнаёміцца з праграмамі іх партый.

У выніку ў перадвыбарчай кампаніі і саміх выбарах адбіліся ўсе станоўчыя і адмоўныя рысы тагачаснага сялянства. Няма падстаў лічыць, што іх няўдзел у выбарах – гэта праява антыўрадавых або антыпамешчыцкіх настрояў. Да таго ж абсентэізм быў уласцівай з’явай не толькі на вёсцы, але і ў горадзе. Усё ж такі гэта першы станоўчы вопыт іх свядомага ўдзелу ў дзяржаўных справах. Гэты першы вопыт сведчыў і аб тым, што сялянства губляла рысы масы архаічнай, звязанай абшчыннай ментальнасцю і паступова ўцягвалася ў рэчышча практычнага вырашэння не толькі саслоўных, але і агульнаграмадскіх інтарэсаў.


1. Бобруйский курьер. 1917. 25 авг.
2. ГАРФ. Ф. 1778. Воп. 1. С. 302.
3. Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов. 1917. 7 окт.
4. Крестьянское движение в 1917 г. М., 1927.
5. Могилевская жизнь. 1917. 10 сент.
6. Там же. 6 сент.
7. Могилевская жизнь. 1917. 19 сент.
8. Мстиславский голос. 1917. 23 авг.
9. Мстиславский голос. 1917. 8 окт.
10. НАРБ. Ф. 60. Воп. 3. С. 242.
11. Там жа. Воп. 2. С. 162.
12. Там жа. Ф. 60. Воп. 3. С. 243.
13. Наше свободное слово. 1917. 22 авг.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика