Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

МАТЭРЫЯЛЫ АСОБНАЙ НАРАДЫ ДЗЯРЖКАНТРОЛЮ РСФСР I ПРАБЛЕМА СТАНАЎЛЕННЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦI

 

Скачать

У. Ф. Ладысеў

Рэспубліка Беларусь, г. Мiнск

 

У беларускай гістарыяграфіі сфарміраваўся даволі ўстойлівы стэрэатып, што высновай для прыняцця Пленумам ЦК РКП(б) 16 студзеня 1919 г. рашэння аб вылучэнні са складу толькі што ўтворанай ССРБ Магілёўскай, Віцебскай, Смаленскай губерняў і перадача іх Расійскай Савецкай Рэспубліцы [1, 1] з’явілася пагроза знешнепалітычнага характару – ваенная інтэрвенцыя Польшчы. Аб гэтым сцвярджаецца ў гістарыяграфічным артыкуле Л. Ю. Малыхінай, змешчаным у № 4 «Беларускага гістарычнага часопіса» за 2003 г. Фактычна яна паўтарыла тэзіс ранейшых беларускіх даследчыкаў I. М. Iгнаценкі, В. А. Круталевіча, Р. П. Платонава, С. П. Маргунскага і інш.

Аднак наступленне польскіх войск пачалося не ў сярэдзіне студзеня 1919 г., а значна пазней, 14 лютага. Таму тлумачыць факт адарвання ад ССРБ трох яе ўсходніх губерняў прычынамі толькі знешнепалітычнага характару з’яўляецца спрошчаным падыходам, які не ўлічвае асаблівасцей палітыкі ўрада РСФСР у адносінах да дзяржаўнага будаўніцтва ў заходнім нацыянальным рэгіёне былой Расійскай імперыі. Ён быў прадыктаваны як бягучымі кан’юнктурнымі палітычнымі меркаваннямі, так і доўгатэрміновымі перспектыўнымі эканамічнымі і палітычнымі задачамі.

Гісторыкі, якія даследавалі праблему дзяржаўнасці, не ведалі аб існаванні дакументаў Асобнай нарады па пытанні ўтварэння Беларускай рэспублікі, якія акцэнтуюць увагу даследчыкаў на прычыны ўнутрыпалітычнага і эканамічнага характару.

Асобная нарада была створана ў адпаведнасці з пастановай УЦВК ад 23 снежня 1918 г. пры Народным камісарыяце дзяржкантролю Расійскай Федэрацыі ў сувязі з утварэннем Латвійскай, Эстонскай і Літоўскай савецкіх рэспублік і прызнаннем іх незалежнасці. Галоўная ўвага яе ўдзельнікаў была сканцэнтравана на забеспячэнні інтарэсаў Расіі, на эканамічных выніках, што выцякалі з усталявання новай пагранічнай лініі паміж РСФСР і ўтворанымі прыбалтыйскімі рэспублікамі. Асобна падкрэслівалася неабходнасць для Расіі «доступу да портаў Балтыйскага мора».

У адрозненне ад прыбалтыйскіх рэспублік утварэнне беларускай дзяржаўнасці выклікала адмоўную рэакцыю ўдзельнікаў нарады як з пункту гледжання яе аб’ектыўнай абумоўленасці, так і фінансава-эканамічных адносін. Так, на пасяджэннях нарады ад 4 і 14 студзеня ў выніку абмеркавання беларускага пытання яго ўдзельнікі прыйшлі да вываду, што «для ўтварэння незалежнай ад Расіі Беларусі высноў не маецца» [2, 21]. Матывіроўкі для такой высновы гістарычнага, фінансава-эканамічнага і палітычнага характару былі затым сфармуляваны ў спецыяльным дакладзе аб эканамічным становішчы Беларусі, у якім падкрэслівалася, што «адсутнічаюць высновы для ўтварэння не толькі самастойнай Беларускай рэспублікі, але нават штата як часткі федэратыўнага арганізма з моцна развітой эканомікай» [2, 11].

Матэрыялы нарады з’явіліся своеасаблівым тэарэтычным падмуркам для прыняцця вышэйпрыведзенага рашэння Пленума ЦК РКП(б). Яно было прадыктавана ў першую чаргу прычынамі ўнутрыпалітычнага i эканамічнага характару. Ва ўмовах Грамадзянскай вайны, пераходу да палітыкі харчразвёрсткі асноўнай праблемай для савецкай улады была харчовая. Выпадзенне з гаспадарчага разліку трох губерняў – Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай – стварала дадатковыя цяжкасці для функцыянавання традыцыйных гаспадарчых сувязей заходніх губерняў з Цэнтрам.
Для правядзення ў жыццё рашэння Пленума ў Беларусь камандзіраваўся ўпаўнаважаны ЦК РКП(б) Ад. Iофе, які планаваўся на пасаду старшыні ЦВК ЛітБела.

Супраць штучнага дзялення этнічнай Беларусі пратэставалі не толькі група З. Жылуновіча, але А. Мяснікоў і яго прыхільнікі. Аб гэтым сведчыць пратакол пася­джэння Цэнтральнага бюро КП(б)Б ад 22 студзеня. Усе 8 членаў бюро адхілілі прапанову Iофе аб падзеле тэрыторыі рэспублікі і вырашылі звярнуцца ў ЦК РКП(б) з просьбай перарашыць пытанне аб усходніх губернях Беларусі [3, 20–21].

Таму Iофе ў пісьме Свярдлову ад 28 студзеня адзначыў, што абедзве групы нікуды не вартыя. Беларусы, ці група Жылуновіча, – нацыяналісты, а Мяснікоў і яго прыхільнікі хаця не нацыяналісты, але сепаратысты яшчэ горшай маркі. I раіў разагнаць іх, паслаць на працу куды-небудзь далей ад Беларусі.

Аднак ідэя дзяржаўнасці Беларусі знаходзіла ўсё большую колькасць сваіх прыхільнікаў і сярод савецка-партыйнага актыву былой Паўночна-Заходняй вобласці. Гэтыя настроі яскрава выявіліся на Мінскай губернскай партыйнай канферэнцыі, якая адбылася ў канцы студзеня 1919 года. У прынятай рэзалюцыі канферэнцыі за подпісамі членаў бюро I. Рэйнгольда, Р. Найдзенкава і В. Кнорына выказваўся недавер прадстаўніку ЦК РКП(б) Iофе, змяшчалася патрабаванне адзыву яго з Беларусі. Сур’ёзныя папрокі ў адміністраванні былі зроблены і ў адрас Свярдлова.

Такая пазіцыя савецка-партыйнага кіраўніцтва Беларускай рэспублікі вызвала сур’ёзны непакой у ЦК РКП(б). Урэгуляванне канфлікту было ўскладзена на Сталіна, які ад імя Цэнтральнага камітэта РКП(б) адобрыў дзейнасць Iофе ў Беларусі і патрабаваў ад членаў Цэнтральнага бюро КП(б)Б, якія падпісалі рэзалюцыю, перагледзець свае пазіцыі.

Невыпадкова, што ў працы I Усебеларускага з’езда Саветаў 2–3 лютага 1919 г. прыняў непасрэдна ўдзел Свярдлоў. З’езд Саветаў прадубліраваў прынятае раней у Маскве рашэнне аб утварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі. 27 лютага 1919 г. у Вільні на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК Літоўскай і Беларускай ССР было прынята рашэнне аб аб’яднанні рэспублік Літвы і Беларусі.

З утварэннем гэтай штучнай дзяржаўнасці як бы здымалася з павесткі дня пытанне аб правамернасці далучэння этнічных беларускіх зямель да РСФСР.

У склад новага ўрада ЛітБела З. Жылуновіч не ўвайшоў, бо ў пачатку лютага быў накіраваны на журналісцкую працу ў Харкаў. А. Мяснікоў у маі 1919 г. быў камандзіраваны на ўсходні фронт у рангу камандуючага Паволжскім фронтам. Яшчэ трагічней склаўся лёс Рыгора Паўлавіча Найдзенкава, які на I Усебеларускім з’ездзе Саветаў быў абраны членам ЦВК БССР і яго Прэзідыума, а ў сакавіку членам ЦК КП(б)ЛіБ. У маі 1919 г. паводле пастановы ЦВК ЛітБела быў арыштаваны Вярхоўным рэвалюцыйным трыбуналам ЦВК ЛітБела па абвінавачванні ў тым, што выдаваў сябе за члена РСДРП з 1906 г., а адказныя пасады ў Заходняй вобласці выкарыстоўваў для сваёй выгады, і быў расстраляны [4, 273].

Такі сумны вынік першапачатковага этапа стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Тагачаснаму савецка-партыйнаму актыву Беларусі быў дадзены прадметны ўрок пралетарскага інтэрнацыяналізму.


1. Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДАСПГ). Ф. 17. В. 2. Спр. 8.
2. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі (ДАРФ). Ф. 4390. Вып. 2. Спр. 61.
3. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 4. Воп. 1. Спр. 1.
4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh   GK

105konst   

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика