Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

КАНФЕСІЙНАЯ ПАЛІТЫКА ПОЛЬСКАГА ЎРАДА Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ: НАЦЫЯНАЛЬНЫ АСПЕКТ (20–30-я гг.)

 

Скачать

А. М. Загідулін

Рэспубліка Беларусь, г. Гродна

 

Галоўным элементам дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да праваслаўя была пастанова ўлад адносна нацыянальнага характару царквы. Праяўлялася гэта найперш у рэгуляванні выкарыстання царкоўнаслужыцелямі моваў у царкве. Погляд дзяржаўных улад на гэту праблему вагаўся ў межах дзвюх розных канцэпцый адносна славянскіх меншасцей – нацыянальнай асіміляцыі і асіміляцыі дзяржаўнай. Калі ў 20-я гг. адносіны ўлад да мовы ў царкве не былі дастаткова яснымі і паслядоўнымі, то з цягам часу ўсё часцей заўважаліся характарыстычныя тэндэнцыі паланізацыі царквы, якія ў сярэдзіне 30- х гг. трансфармаваліся ў мэтанакіраваную праграму, што ўпэўнена выконвалася [5, 229]. Да таго ж мясцовая адміністрацыя, у адрозненне ад цэнтральных органаў, ніколі не мела ваганняў і сумненняў адносна неабходнасці поўнамаштабнага ўвядзення польскай мовы ў праваслаўную царкву.

У 1934–1935 гг. быў зроблены шэраг крокаў у кірунку паланізацыі праваслаўнай царквы. Мітрапаліт благаславіў выданне польскага малітоўніка для праваслаўных салдат у Войску Польскім, і ўсе набажэнствы тут праводзіліся па-польску. У лістападзе 1934 г. была склікана камісія для перакладу праваслаўных літургічных тэкстаў на польскую мову. У цэрквах у дзяржаўныя святы 11 лістапада, 3 мая, у дні імянін прэзідэнта, маршалка і ў іншыя значныя моманты набажэнствы павінны былі адбывацца на польскай мове. Першыя такія праваслаўныя набажэнствы былі праведзены 11 лістапада 1935 г. у Варшаве, Беластоку і Гродна.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі развіваўся рух, што меў на мэце ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўную царкву. Каб утрымаць людзей у лоне царквы і зрабіць малітвы больш зразумелымі, іерархія пайшла на некаторыя ўступкі. 3 верасня 1924 г. Сінод змяніў папярэднюю пастанову і пашырыў магчымасці выкарыстання беларускай мовы падчас малітваў і набажэнстваў, павялічыў частату беларускіх казанняў, дазволіў навучанне рэлігіі на роднай мове [4, 23]. 1 лютага 1925 г. выйшаў першы нумар беларускага царкоўна-нацыянальнага часопіса – двухтыднёвіка «Праваслаўны беларус».

Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху імкнуліся выкарыстаць знікненне манаполіі рускай мовы, дзяржаўнасці і культуры на царкоўнае жыццё ў Заходняй Беларусі і правесці яго беларусізацыю. Асяродак беларускага праваслаўнага руху існаваў у Вільні пры беларускай гімназіі, кіраўніком якога быў тагачасны дырэктар гімназіі Р. Астроўскі. Тут былі пэўныя канкрэтныя дасягненні. У поўнае карыстанне гімназіі і віленскіх беларусаў, дзякуючы старанням бацькоўскага камітэта і дырэктара, была аддадзена Пятніцкая царква, філія Мікалаеўскага прыхода [3, 4, 6]. 14 сакавіка 1930 г. у Вільні быў створаны Беларускі праваслаўны царкоўны камітэт. Сярод арганізатараў былі прадстаўнікі Ваўкавыскага, Вілейскага, Маладзечанскага павета, Гродзенскай епархіі, віленскай групы Луцкевіча-Астроўскага, часопіса «Наперад», бацькоўскі камітэт беларускай гімназіі ў Вільні.

На практыцы беларусам не была дадзена магчымасць выкарыстаць сітуацыю і стварыць з царквы магутную падтрымку для нацыянальнага адраджэння. Перашкодай было пераважна рускае па нацыянальнасці праваслаўнае духавенства, не зацікаўленае ў нацыянальным адраджэнні беларусаў, тым больш з дапамогай царквы, а таксама слабасць і эпізадычнасць самога беларускага праваслаўнага руху. Вышэйшая праваслаўная іерархія супрацоўнічала з урадам і дзейнічала ў асноўным у рэчышчы агульнай палітыкі. А палітыка дзяржавы аб свабодзе веравызнанняў была не больш чым дэкларатыўнай.

Дзяржаўныя ўлады не імкнуліся да беларусізацыі царквы. Яны мелi на мэце дэрусіфікацыю царквы і падрыхтоўку яе да пераходу на польскую мову. Беларусізацыю выкарыстоўвалi, каб зламаць створаны стагоддзямі стэрэатып «праваслаўны = рускі». Але беларусізацыя царквы мела для Польшчы шэраг непажаданых момантаў, бо царква як духоўная арганізацыя магла паспрыяць росту беларускай нацыянальнай самасвядомасці і актывізацыі беларускага нацыянальнага руху. Таму дзяржава ставiла ёй задачу зацвяр­- джэння польскай нацыянальнай ідэі.

Фармальна заканадаўчую базу для паланізацыі царквы стваралі шматлікія распараджэнні мітрапаліта і сінода аб свабодзе ўжывання розных моваў. Нягледзячы на тое, што перавод богаслужэнняў на польскую мову не дыктаваўся выкананнем нейкага заканадаўчага акта, мясцовая адміністрацыя (ваяводы і павятовыя старасты) у другой палове 30- х. гг. імкнулася схіліць шараговае духавенства да выкарыстання польскай мовы як літургічнай у набажэнствах, а таксама падчас казанняў, для навучання рэлігіі ў школах, для кантактаў з прыхаджанамі [1, 17]. Мясцовая адміністрацыя рознымі спосабамі карала праваслаўных святароў, што супраціўляліся ўвядзенню польскай мовы ў царкоўныя набажэнствы. Найбольш распаўсюджанымі варыянтамі былі перавод святара на іншае месца, часта за межы павета ці ваяводства, а таксама пазбаўленне матэрыяльнай датацыі, што вызначалася кансісторыяй і выплачвалася дзяржавай [2, 31].

18 лістапада 1938 г. прэзідэнт Польшчы падпісаў дэкрэт «Аб адносінах да польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы», што ўстанавіў пастаянны прававы статус царквы, вырашэнне якога цягнулася з 1922 г. Дэкрэт сцвярджаў незалежнасць царквы ад любой знешняй улады, свецкай ці духоўнай. Зменена была афіцыйная назва з «Святая аўтакефальная праваслаўная царква ў Польшчы» на «Польская аўтакефальная права­слаўная царква», што падкрэслівала яе нацыянальна-польскі характар. Дакумент афіцыйна забяспечваў уплыў дзяржавы на кадравую палітыку царквы, зацвярджаў польскую мову як мову царкоўнага справаводства, абавязваў духавенства адпраўляць малебны ў дзяржаўныя святы, у імя прэзідэнта, урада, войска і г. д. Такім чынам, дэкрэт фармальна замацаваў рэальны стан рэчаў, які склаўся ў другой палове 30-х гг.
Галоўнай мэтай польскіх улад адносна праваслаўнай царквы было імкненне адаптаваць яе да ўмоў польскай дзяржавы, стварыўшы з яе інструмент для ўплыву на права­слаўнае насельніцтва Заходняй Беларусі. Гэта дасягалася рознымі метадамі і спосабамі: канфіскацыяй часткі маёмасці, рэвіндыкацыяй храмаў, рэпрэсіямі ў адносінах нядобранадзейных святароў, прызначэннем дзяржаўнай датацыі духавенству, што аслабляла царкву і ставіла яе ў залежнасць ад дзяржавы, паланізацыяй царквы.


1. Дзяржаўны архiў Гродзенскай вобласцi. Ф. 541. Воп. 1. Спр. 389.
2. Дзяржаўны архiў Брэсцкай вобласцi. Ф. 2059. Воп. 1. Спр. 12.
3. AAN. MWRiOR. Спр. 989.
4. Archiwum Akt Nowych w Warszawie. MWRiOR.
5. Papierzynska-Turek M. Między tradycja a rzeczewistoscia. Państvo wobec prawoslavia 1918–1939. Warszawa, 1989.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика