Г. П. Бушчык
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Рэпарацыі (ад лац. reparatio – аднаўленне), якія атрымала БССР з Германіі, былі цалкам справядлівай і частковай кампенсацыяй за тыя страты, што панесла Беларусь у гады Другой сусветнай вайны. Паводле дадзеных спецыяльнай дзяржаўнай камісіі, страты Беларусі ў вайне былі ацэнены ў 15 млрд дол. ЗША. Для параўнання: страты СССР у цэлым вызначаліся ў суме 128 млрд дол., Францыі – 30 млрд, Галандыі –10 млрд, Грэцыі – 3 млрд. У цэлым жа 17 пацярпелых ад агрэсіі ў Другой сусветнай вайне краін прад'явілі Германіі рахунак за ўрон на 200 млрд дол., што значна перавышала ўсё яе нацыянальнае багацце. Таму ўдзельнікі антыгітлераўскай кааліцыі дамовіліся аб спагнанні з Германіі 20 млрд дол., з якіх 10 млрд прадугледжвалася для СССР, з долі якога выдзяляліся сродкі на аднаўленне Польшчы [1, 65, 66, 74, 84]. БССР згадзілася на 1,5 млрд дол. [2, 172].
Рэпарацыі браліся ў трох формах: 1) прамысловага абсталявання, 2) таварных паставак прадукцыі, 3) працы ваеннапалонных. Рэпарацыі павінна была выплаціць не толькі Германія, але і яе саюзнікі. Афіцыйна гэта абмяжоўвалася 1 студзеня 1954 г. Што датычыць БССР, то ў Нацыянальным архіве РБ аўтарам выяўлены дакументы адносна матэрыяльных паставак рэпарацый з Германіі. Калі рэпарацыі і паступалі ў Беларусь ад былых саюзнікаў Германіі ў вайне, то, відавочна, у невялікай колькасці. У архіўных дакументах адлюстраваны масавыя пастаўкі рэпарацый у 1945–1946 гг., маюцца дакументы аб пастаўках у 1947 г., але дакументы аб пастаўках рэпарацый у наступныя гады пакуль не выяўлены. Гэта можа сведчыць аб тым, што калі пазней 1947 г. рэпарацыі і паступалі ў Беларусь, то ў значна меншых аб'ёмах. Што датычыць ваеннапалонных, то, акрамя немцаў, у Беларусі працавалі венгры, аўстрыйцы, румыны і інш.
Апошнім часам можна пачуць выказванні аб састарэласці і непрыгоднасці таго абсталявання, што паступала ў Беларусь з Германіі. З гэтым нельга пагадзіцца. З мэтаю дэмілітарызацыі Германіі ў першую чаргу з яе тэрыторыі поўнасцю вывозілі абсталяванне ваенных прадпрыемстваў, якое было перадавым па сваім часе і дазваляла Германіі перамагаць іншыя краіны на пачатку яе агрэсіўнай вайны. Грамадзянскія прадпрыемствы звычайна дэманціраваліся часткова, каб яны маглі забяспечваць жыццё насельніцтва пасляваеннай Германіі, а таксама пастаўку прадукцыі ў кошт рэпарацый. Безумоўна, сярод рэпарацыйных паставак было як навейшае абсталяванне, так і пашкоджаныя, некамплектныя, часам састарэлыя станкі, але гэта нельга сцвярджаць аб рэпарацыйным абсталяванні ў цэлым.
Рэпарацыі паступалі ў БССР у выглядзе прамысловага абсталявання, транспартных сродкаў, сыравіны і паўфабрыкатаў для вытворчасці, гатовай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, харчовых прадуктаў, жывёлы і г. д. Выкарыстоўвалася праца ваеннапалонных і інтэрніраваных: у 1946 г. на тэрыторыі Беларусі іх было каля 103 тыс. [4, 40]. Рэпарацыі атрымлівалі практычна ўсе прадпрыемствы, якія аднаўляліся альбо нанова будаваліся, саўгасы і калгасы, грамадзяне. У 1946 г. абсталяванне з Германіі атрымалі 15 электрастанцый, 13 малочных заводаў, 4 мясакамбінаты. Да пачатку 1947 г. 150 мінскіх прадпрыемстваў і арганізацый атрымалі 5666 вагонаў з абсталяваннем на суму 115 млн руб., у тым ліку Мінскі аўтазавод – каля тысячы вагонаў на суму амаль 20 млн руб. Усяго ў 1945–1946 гг. прадпрыемствы і арганізацыі Беларусі атрымалі 37,4 тыс. вагонаў рэпарацыйных паставак з Германіі. Сваім ходам за гэты час прыгналі ў Беларусь 130 430 коней, 137 847 галоў буйной рагатай жывёлы.
Уся рэпарацыйная маёмасць павінна была ацэньвацца з удзелам прадстаўнікоў фінансавых органаў, і сродкі за яе трэба было пералічваць у бюджэт (за кошт выдзеленых фінансаў і дзяржаўных крэдытаў). Спажывецкія тавары і харчовыя прадукты прадаваліся праз магазіны. Разлічыцца за жывёлу і інвентар павінны былі калгасы і аднаасобнікі. Без аплаты атрымлівалі рэпарацыі культурна-асветніцкія ўстановы і тыя прадпрыемствы і ўстановы, якія маглі даказаць, што вернутая маёмасць належала ім да вайны. Дапамогу атрымлівалі таксама інваліды вайны і сем'і загінуўшых. У выніку рэпарацыі мелі поўнасцю кампенсацыйны характар для дзяржавы ўвогуле і часткі найбольш пацярпелых ад вайны грамадзян. Усім астатнім за рэпарацыі трэба было заплаціць. Напрыклад, рэпарацыйныя коні каштавалі ад 150 рублёў за жарабя да 2600 рублёў за цяжкатранспартных коней у добрым стане. Калгасам дазвалялі выплату трох кілаграмаў зерня альбо іншых прадуктаў у вызначаных эквівалентах за кожны кілаграм жывой вагі жывёлы.
Выкарыстанне рэпарацыйнага абсталявання ў значнай ступені спрыяла не толькі надзвычай хуткаму аднаўленню прамысловасці БССР, але і яе імкліваму развіццю, змене асноўнай спецыялізацыі. Так, у 1955 г., калі ў лік дзеючых уступілі ўсе адноўленыя і пабудаваныя пасля вайны прадпрыемствы, выпуск прамысловай прадукцыі ў БССР у параўнанні з 1945 г. павялічыўся ў 12 разоў, а ў параўнанні з 1940 г. – у 2,4 раза. У Мінску, дзе ў асноўным за кошт рэпарацыйнага абсталявання былі ўзведзены такія гіганты індустрыі, як аўтамабільны, трактарны, веласіпедны заводы, іншыя прадпрыемствы, тэмпы прыросту выпуску прамысловай прадукцыі былі яшчэ больш уражальнымі: у 1955 г. узровень 1940 г. быў перавышаны ў 5,7 раза, а ўзровень 1945 г. – амаль у 24 разы. Вядучай галіной індустрыі стала машынабудаванне.
Выкарыстанне падчас аднаўлення эканомікі БССР параўнальна высокатэхналагічнага нямецкага абсталявання з многіх ваенных аб'ектаў Германіі спрыяла ператварэнню Беларусі ў пасляваенныя гады ў адзін з найбольш прамыслова развітых рэгіёнаў СССР, у так званы «зборачны цэх» Саюза. Прамысловая стратэгія СССР у гады пасляваеннага аднаўлення гаспадаркі была накіравана на стварэнне ў БССР вытворчасці, якая б задавальняла ў асобных відах прадукцыі патрэбы ўсяго Савецкага Саюза, а пазней і многіх сацыялістычных краін. Узнікненне сацыялістычных краін на заходніх межах СССР забяспечыла спрыяльныя ўмовы для пабудовы ў Беларусі буйных машынабудаўнічых і ваенных прадпрыемстваў, якіх амаль не было ў даваеннай рэспубліцы. Акрамя таго, «асяданне» рэпарацыйнага абсталявання ў Беларусі скарачала яго перавозкі ў глыб СССР, вырашала праблему рээвакуацыі вывезенага з БССР у пачатку вайны абсталявання. Улічвалася і лаяльнасць большасці насельніцтва Беларусі да савецкай улады, якая была даказана ў ходзе масавай партызанскай барацьбы, што сведчыла аб палітычнай стабільнасці і бяспецы для жыццёва важнай, сакрэтнай ваеннай вытворчасці. Імклівае развіццё індустрыі спрыяла развіццю навукі, павышэнню кваліфікацыі кадраў.
Пабудова якасна новай прамысловай базы ў БССР у другой палове 40-х – першай палове 50-х гг. XX ст. з выкарыстаннем германскага рэпарацыйнага абсталявання можа быць вызначана па меншай меры як трэці этап прамысловай мадэрнізацыі на Беларусі (першы этап – прамысловы пераварот другой паловы XIX – пачатку XX ст., другі – індустрыялізацыя 30-х – пачатку 40-х гг. XX ст.). Улічваючы глыбіню якасных змен у прамысловасці Беларусі, імклівыя тэмпы яе развіцця, рост маштабаў вытворчасці і кааперацыйных сувязяў у межах СССР ёсць істотныя падставы, каб лічыць гэтыя змены са- праўднай прамысловай рэвалюцыяй на Беларусі.
1. Евгеньев В. В. Международно-правовое регулирование репараций после второй мировой войны. М., 1950.
2. Снапкоўскі У. Рэпарацыі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Ч. 1. Мн., 2001.
3. Шарков А. В. Архипелаг ГУПВИ на территории Беларуси:1944–1951 гг. Мн., 2003.