В. Ф. Шаталава
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Абвяшчэнне незалежнасці дзяржавы ў 1991 г. пазначыла з’яўленне новай ідэнтычнасці беларусаў [14, 9]. Працэс фарміравання посткамуністычнай свядомасці па- трабаваў стварэння агульнанацыянальнай ідэі (у прыватнасці, нацыянальнага міфа), распрацоўку якой пачалі знакавыя «праекты» 1990-х гг.: Скарынаўскі цэнтр, газета «Наша Ніва», альманахі «Vieda» i «Крыўе», часопіс «Унія» і г. д. [2, 22–23]. Асноватворнай мэтай стала высоўванне новага ўяўлення пра Беларусь і беларусаў, т. зв. «вобраза для іншых» і «вобраза для сябе».
Безумоўна, аналіз глыбіні трансфармацыйных працэсаў, якія ахапілі беларускае грамадства за чатырнаццаць гадоў суверэнітэту, не дазваляе атрымаць пажаданай аб’ектыўнасці. Тым не менш нават сёння магчыма рэалізаваць вывучэнне паасобных кампанентаў нацыянальнай ідэнтычнасці, такіх як этнічныя канстанты і каштоўнасныя арыентацыі народа. У такіх выпадках метадалогія гісторыка-этналагічных даследаванняў прэфектуе аналіз базавых ідэалагічных крыніц, якія б меліся квінтэсенцыяй пэўнай каштоўнаснай сістэмы і былі б шырока распаўсюджаны ў пэўных слаях грамадства [13, 604]. Гэта дае інфармацыю пра мэты руху пэўнай групы (напрыклад, адраджэнне народа) [5, 257], пра ўласны ідэальны вобраз, пра ўяўленні аб пазітыўным і варожым, пра рэпрэзентацыю пэўнага схематычнага бачання свету і г. д. Апроч таго, пры аналізе тэкстаў бяруцца пад увагу этнапалітычныя і этнагістарычныя факты, выкладзеныя аўтарамі твораў.
Для даследавання нацыянальнай ідэі як рэпрэзентатара ідэнтычнасных арыенціраў часткі прадстаўнікоў беларускага інтэлектуальнага руху была абрана газета «Наша Ніва» за 1991–1994 гг. Асноўнымі крытэрыямі на карысць гэтага выдання сталі: высокі ўзровень тэкстаў (большасць аўтараў і прадстаўнікоў Рэдакцыйнай рады з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, лінгвістамі, літаратарамі і г. д.), масавасць газеты (прыблізна 20 тысяч беларускамоўных сябрaў як на Беларусі, так і па-за межамі краіны) і традыцыйнасць выдання (гэты праект на пачатку прамінулага стагоддзя адыграў надзвычайна істотную ролю ў беларускім нацыятворчым працэсе і быў адноўлены Сяргеем Дубаўцом дзеля рэанімацыі ранейшых мэтаў [3, 16]).
Для больш дэталёвага асэнсавання канцэпцыі «Нашай Нівы» былі вылучаны асноўныя асвятляемыя ў ёй праблемы. Сярод іх варта пазначыць: нацыянальную гісторыю, праблему мовы і літаратурнай мінуўшчыны, вобраз суседзяў, пазітыўныя і негатыўныя аўтастэрэатыпы, культурніцкую арыентацыю выдання і г. д.
Пры азнаямленні з беларускай перыёдыкай пачатку 1990-х гг. Райнэр Лінднэр зафіксаваў, што «ва ўсіх прэсавых органах культурніцкія тэмы, а сярод іх перадусім моўнае пытанне, прыцягвалі да сябе непараўнальна большую грамадскую зацікаўленасць, чым нацыянальная гісторыя і нават рэлігійныя тэмы» [11, 423]. «Наша Ніва» выбіваецца з гэтага правіла: большасць надрукаваных у ёй артыкулаў прысвечаны гістарычнай мінуўшчыне, і толькі потым увага пераходзіць на моўную праблему. Пра адпаведныя дамінанты сведчыць і месцазнаходжанне рубрык «Гісторыя суб’екту» (с. 2–3) і «Словы» (с. 4–5) у большасці нашаніўскіх выданняў акрэсленага перыяду. Існуе некалькі тлумачэнняў гэтаму. Перш за ўсё мова з’яўляецца найбольш кансерватыўным элементам культуры і аб’ектыўна менш змяняецца пад уплывам ідэалогіі, чым гістарычная памяць нацыі. Таму, нягледзячы на значную страту камунікатыўнай функцыі ў пасляваенны перыяд, беларуская мова працягвае захоўваць ролю асноўнага нацыянальнага ідэнтыфікатара. Апроч таго, для аўтараў нашаніўскіх выданняў пачатку 1990-х гг. характэрны «моўны» аптымізм. Так, Алесь Кебік у артыкуле «Людзьмі звацца» пастулюе: «Рускамоўнасць бальшыні насельніцтва – гэта рэальная савецкамоўнасць, элемент ідэалёгіі, якая адыходзіць у нябыт. Каб беларускі народ працягваў быць рускамоўным і заўтра – трэба стварыць цэлую сістэму каардынатаў, дзе восі – сапраўдная расейская культура й мова… У незалежнай Беларусі гэтага рабіць няма каму й няма патрэбы. Таму пры ўмове незалежнасьці праз пакаленне ці два гэты народ непазьбежна загаворыць па-свойму» [10, 3].
Сітуацыя з нацыянальнай гісторыяй носіць больш складаны характар. На старонках «Нашай Нівы» праходзіць перакананне, што адэкватнае паняцце ўласнай гісторыі адсутнічае ў свядомасці народа. «Руіны – адно з сучасных словаў беларускай культурнай традыцыі», – піша Францішак Эн [19, 5]. За савецкім часам «мінулае ці адмянялі, ці вярталі… У чалавека скрадалі час і памяць… Прага ж сувэрэннасьці асобы шукае пацьверджаньня ў мінулым», – працягвае В. Грыцкевіч [6, 3]. Асноўнай пазіцыяй «Нашай Нівы» стала стварэнне новай канцэпцыі гісторыі на падставе ўласна беларускіх інтарэсаў. Так, у нацыянальную гісторыю ўпісваюцца падзеі так званых «этнаграфічных земляў» Беларусі: Віленшчыны, Смаленшчыны, Беласточчыны, часткі ўкраінскіх земляў і г.д. Новая этнагісторыя і этнагеаграфія зыходзяць з ідэі: «Мы маем агульную гісторыю і нам досыць ужо адмаўляцца ад сваёй спадчыны» [7, 2–3]. Храналагічна гісторыя беларускіх земляў атрымлівае наступную градацыю:
– Перыяд ВКЛ (заяўляюцца абсалютна новыя тэмы: невядомая вайна 1654–1667 гг. [17; 2], [18; 10], [16; 2] і г. д., у межах якой Маскоўскае княства ўпершыню разглядаецца як вораг ВКЛ; дзейнасць і роля манаскіх ордэнаў на беларускіх землях [8, 8], [9, 8] і інш.).
– Рэч Паспалітая абодвух народаў (у гэтым перыядзе асвятляюцца дзеі найбольш знакамітых магнацкіх радоў Беларусі – Радзівілаў і т. п. [20, 2–3]).
– Знаходжанне ў складзе Расейскай імперыі (тут уздымаецца праблема далучэння беларускіх земляў да Расеі [18, 7], праблема паўстанняў ХІХ ст. [21, 2–3]).
– Нацыянальны рух і БНР (чытачу прапануецца гісторыя стваральнікаў беларускага нацыянальнага руху [1, 7], [15, 5], па-новаму рэпрэзентуецца роля незалежнай беларускай дзяржавы).
– Савецкі перыяд (негатыўную ацэнку атрымліваюць дзеі савецкай сістэмы, раскрываецца тэма масавых рэпрэсій, генацыду супраць нацыі, атрымліваюць новую ацэнку дзеянні партызан і калабарантаў [12, 10–11]).
– Посткамуністычны час.
Праз рэфлексію гістарычных працэсаў пераасэнсоўваецца нацыянальны аўтастэрэатып. Увесь матэрыял «Нашай Нівы» дэманструе заходняе вымярэнне беларускай культуры, спрадвечна еўрапейскую яе арыентацыю. І цэнтральнае пытанне газеты – лакалізацыя культурнай сталіцы беларусаў – вырашаецца на карысць не Менска, але Вільні.
Такім чынам, нацыянальнай ідэяй «Нашай Нівы» 1991–1994 гг. з’яўляецца ідэя вяртання беларусаў да іх гістарычных вытокаў, пад якімі разумеюцца заходнееўрапейская цывілізацыя і шматвяковая гісторыя існавання ў межах дэмакратычнай дзяржавы (ВКЛ, потым РП абодвух народаў) з высокім статусам іх роднай мовы і традыцый. Паралельна з тым тыражуецца думка пра негатыўныя ўплывы расейскай і савецкай традыцый як знішчальных па сутнасці фактараў для беларускай культуры.
1. Abłazej A. Pamiaci Mirki // Наша Ніва. 1991. № 4.
2. Акудовіч В. СМІ як фабрыка міфаў, альбо дослед адной эстэтычнай паразы // Мэдыі ў посткамуністычных краінах: аб’ектыўная інфармацыя супраць ідэалягічных скажэньняў. Матэрыялы міжнар. канф. Менск, 18 – 19 кастр. 2002 г. / Беларуская асацыяцыя журналістаў. СПб., 2003.
3. Акудовіч В. Сучасная беларуская філасофія: гісторыя паўставання // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. СПб., 2003.
4. Анішчанка Я. Просім, пан Генэрал. Як з’явілася канцэпцыя аб «дабраахвотным уз’яднаньні Беларусі з Расеяй» // Наша Ніва. 1994. № 7.
5. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Нараджэнне новай ідэалогіі / Пер. з фр. А. Марозава; Пад рэд. Ю. Залоскай. Мн., 1995.
6. Грыцкевіч В. Таталітарны чалавек // Наша Ніва. 1994. № 6.
7. «Каваль у кароне»: [Гутарка Сяргея Астраўцова з Уладзімірам Кіслым пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага] // Наша Ніва. 1991. № 2.
8. Дзярновіч А. Ordo Sancti Benedicti – гісторыя ордэна бенэдэктынаў // Наша Ніва. 1991. № 4.
9. Дзярновіч А. Маўклівы кляштар князя Сапегі // Наша Ніва. 1991. № 3.
10. Кебік А. Людзьмі звацца // Наша Ніва. 1993. № 16.
11. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ–ХХ ст. / Пер. з ням. Л. Баршчэўскага; Нав. рэд. Г. Сагановіча. СПб., 2003.
12. Літвін А. Беларуская самаахова // Наша Ніва. 1993. № 13.
13. Лурье С. В. Историческая этнология: Учеб. пособие для вузов. М., 2004.
14. Проблема религиозно-культурной идентичности в русской мысли XIX–XX веков: современное прочтение: Учеб.-метод. пособие / Авт.-сост. Г. Я. Миненков. Мн., 2003.
15. С. Д. Іван Луцкевіч – арганізатар беларускага нацыянальнага жыцьця // Наша Ніва. 1991. № 1.
16. Сагановіч Г. Акупанты і партызаны // Наша Ніва. 1991. № 1.
17. Сагановіч Г. Мова гісторыі // Наша Ніва. 1991. № 1.
18. Сагановіч Г. Фрагмэнт ненапісанай кнігі // Наша Ніва. 1993. № 15.
19. Эн. Ф. Вытлумачэньне руінаў // Наша Ніва. 1991. № 4.
20. Ю.Ш. Радзівілы: больш чым багатыя, больш чым магнаты, больш чым род // Наша Ніва. 1992. № 6.
21. Янушкевіч Я. Ня толькі ідэалы астаюцца пасля герояў // Наша Ніва. 1992. № 6.