Дз. В. Жарын
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Гістарычны працэс неадназначны па сваёй сутнасці. Любую з’яву ці здарэнне, любое развіццё можна разглядаць і з пазіцый структурнага аналізу. Тут для гісторыка цікавасць уяўляюць суадносіны мікра- і макраструктур, як яны ўплываюць на рух гісторыі.
Гісторыя Еўропы цесна звязана з гісторыяй Ганзейскага саюза, які таксама з упэўненасцю можна лічыць адной з макраструктур, што вядомы нам з сусветнай гісторыі. Ганза – гандлёва-палітычнае аб'яднанне гарадоў паўночнай Германіі XIII–XVII ст. У абставінах палітычных хістанняў Германіі таго часу, феадальнай дробнасці краіны, няздольнасці імператарскай улады кіраваць нават у сваіх землях гарады вымушаны былі самі бараніць уласныя жыццёвыя інтарэсы і вырашаць надзённыя праблемы. Для гэтага яны аб’ядноўваліся ў саюзы. Самым буйным з іх у гісторыі Еўропы была Ганза.
Гэтае аб’яднанне, як мяркуюць даследчыкі, узнікла яшчэ ў ХІІ ст., калі асобныя групы гандляроў стварылі першыя суполкі для абароны ўласных інтарэсаў за мяжой. Тут гаворка можа ісці пра так званую «купецкую Ганзу», якая праіснавала ўсё XII і першую палову XIII ст. З цягам часу яна пераўтварылася ў «Вялікую Ганзу» нямецкіх гарадоў. Час яе росквіту прыпадаў на XIV– cярэдзіну XV ст., калі ў сферы яе ўплыву знаходзілася каля 160 гарадоў. Ядро саюза складалі гарады Паўночнай Еўропы, самымі ўплывовымі з якіх былі Любек, Гамбург, Брэмен, Штральзунд, Расток, Шчэцін, Вісмар. Гандляры з гэтых і іншых гарадоў Ганзейскага саюза мелі інтарэсы ў розных кутках тагачаснага свету, праводзілі сваю гандлёвую палітыку як на захадзе (напрыклад, у Лондане), так і на ўсходзе (Ноўгарадзе).
Вялізарныя прыбыткі, што Ганзейскі саюз атрымоўваў ад пасрэдніцкай дзейнасці ў гандлі паміж захадам і ўсходам Еўропы, давалі магчымасць развівацца гарадам паўночнай Германіі, нарошчваць уласны эканамічны, а разам з тым і палітычны патэнцыял. Доўгі час Ганза заставалася манапалісткай у гандлёвых стасунках паміж захадам і ўсходам Еўропы. Гэта і абумовіла яе росквіт. Яна цалкам кантралявала знешнеэканамічныя адносіны некаторых краін (напрыклад, Даніі і Швецыі). Аднак з развіццём нацыянальных дзяржаваў роля Ганзы ў эканамічным жыцці Еўропы знізілася. Асаблівы ўдар па ганзейскім гандлі нанеслі Вялікія геаграфічныя адкрыцці, пасля якіх цэнтр сусветнага гандлю перасунуўся з поўначы кантынента на Атлантыку. Але і пасля гэтага Ганза працягвала сваё існаванне, хаця ўжо не адыгрывала такой значнай ролі, як раней. Фармальна яна праіснавала да 1669 г.
Відавочна, што Ганзейскі саюз па сваёй сутнасці і прынцыпах кіравання з’яўляўся макраструктурай. Увогуле яго элементарная характарыстыка адпавядае асноўным параметрам макраструктуры. Так, у Ганзейскім саюзе існавалі даволі трывалыя сувязі паміж асобнымі адзінкамі саюза (мікраструктурамі); іх функцыянаванне падтрымлівала цэласнасць і жыццяздольнасць усёй сістэмы. Існавалі агульныя прававыя нормы, выкананне якіх было абавязковым для кожнага члена саюза. Гэта было так званае Любекскае права. Асаблівую значнасць для нармальнага развіцця Ганзы мелі агульныя сходы (hansatage), на якіх вырашаліся надзённыя пытанні і прымаліся асноўныя пастановы. Усталёўваўся пэўны парадак вядзення гандлю за межамі саюза.
Узнікненне Ганзейскага саюза звязана з некаторымі структурна-гістарычнымі фактарамі. У Еўропе з XI па XIII ст. значна ўзрасла колькасць насельніцтва і адначасова ўзрос попыт на гандлёвыя тавары [2, 23]. Рост гарадоў выклікаў неабходнасць у сыравіне. А як вядома, асноўным пастаўшчыком сыравіны была Усходняя Еўропа. Такім чынам, рэгіён Балтыйскага мора быў уцягнуты ў агульнаеўрапейскую гандлёвую сетку і працяглы час з’яўляўся бадай самым галоўным накірункам дзейнасці Ганзы.
Структуру Ганзейскага саюза можна прасачыць праз прызму яго гістарычнага развіцця. Першай структурнай адзінкай Ганзы з’яўляліся так званыя «купецкія суполкі», якія вядомы ўжо з XII ст. Асноўны прынцып іх функцыянавання быў у тым, што група гандляроў аднаго горада заключала пагадненне паміж сабой на час вандроўкі ў чужыя краіны. Гандляры разам ехалі за мяжу, там яны таксама трымаліся адзін аднаго, сумесна заключалі дамовы з мясцовым насельніцтвам, збывалі свае тавары, набывалі новыя і вярталіся дамоў. Звычайна пасля такой вандроўкі суполка распадалася, бо ў ёй ужо не было патрэбы. Магчыма, адносіны паміж асобнымі гандлярамі захоўваліся і пасля прыезду на радзіму, але, як правіла, такая суполка была часовая. Можна з пэўнай доляй верагоднасці сцвярджаць, што з гэтых мікраструктур пазней і развілася першасная арганізацыя Ганзы.
Другой структурнай адзінкай Ганзейскага саюза з’яўляўся сярэднявечны горад з усімі яго падструктурамі (рамесніцкія майстэрні, цэхі, магістрат). Увогуле многія даследчыкі лічаць цывілізацыю сярэднявечнага Захаду гарадской. І сапраўды, цяжка перабольшыць значэнне горада для тагачасных людзей. Ён з’яўляўся асяродкам эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця сярэднявечнага чалавека; трывала займаў у яго ментальнасці месца чагосьці роднага, знаёмага, а таму – бяспечнага і добрага. Чалавек адчуваў сябе ў горадзе ўтульна. Усё, што было звонку гарадскіх брамаў, было чужым, незнаёмым, а таму – варожым і дрэнным. Тут можна ўзгадаць некаторыя выразы, што датычацца горада.
Іншай структурай Ганзы былі саюзы гарадоў. З гэтых саюзаў і ўзнікла так званая «Вялікая Ганза». Спачатку дамовы заключаліся паміж некалькімі гарадамі [2, 56]. Потым узнікалі саюзы гарадоў, якія заключаліся з мэтай сумеснай абароны інтарэсаў. Галоўнымі інтарэсамі былі прывілеі ў замежным гандлі, ахова марскіх шляхоў ад піратаў, барацьба з канкурэнтамі і, увогуле, правядзенне адзінай гандлёва-эканамічнай палітыкі. Напрыканцы XIII ст. дзякуючы гэтым рэгіянальным структурам склаліся зручныя абставіны для ўзнікнення агульнанямецкага саюза гарадоў [1, 5].
Яшчэ адной са значных па сваёй дзейнасці мікраструктур Ганзейскага саюза былі так званыя «канторы». Яны ўяўлялі сабой буйныя гандлёвыя паселішча ганзейцаў у замежжы і былі пабудаваныя на прынцыпах абшчыны ці падвор’я. У горадзе яны займалі пэўную тэрыторыю і былі акрэслены ў прававым, гаспадарчым, а таксама культурным адносінах. Самыя вядомыя канторы Ганзейскага саюза знаходзіліся ў Ноўгарадзе (Русь), Бергене (Нарвегія), Брюге (Фландрыя), Лондане (Англія). Месцазнаходжанне кантор яскрава сведчыць пра ўсходне-заходні і паўночна-паўднёвы вектары ганзейскага гандлю.
Дзейнасць Ганзы самым карэнным чынам уплывала на развіццё Еўропы. Увогуле, гісторыя Ганзейскага саюза налічвае больш чым пяць стагоддзяў. За гэты працяглы перыяд нямецкія купцы звязалі гандлёвымі шляхамі ўсю паўночную частку Еўропы, здолелі стварыць у пэўным плане адзіную і агульную для ўсіх гандляроў поўначы кантынента інфраструктуру, завязалі стасункі з аддаленымі яго часткамі. Асаблівую ўвагу Ганза надавала гандлю з Усходняй Еўропай і Прыбалтыйскім рэгіёнам. Адсюль на Захад ішла, па большасці, сыравіна для прамысловай вытворчасці сярэднявечных гарадоў Германіі, Фландрыі, Францыі, Нідэрландаў, Англіі, а таксама прадукты лясной гаспадаркі. З свайго боку ганзейскія купцы пастаўлялі ў гэтыя рэгіёны гатовыя вырабы, соль, піва, віно. Гэтак Ганза вяла пасрэдніцкі гандаль і мела ад яго вялізарныя прыбыткі.
Гандлёва-эканамічная прастора, у межах якой дзейнічаў Ганзейскі саюз, з’яўлялася адной з самых вялікіх у сусветнай гісторыі. Добрае функцыянаванне такой макраструктуры было б немагчыма без узаемадзеяння яе мікраструктур.
1. Рыбина Е. А. Иноземные дворы в Новгороде XII–XVII века. М., 1986.
2. Rolf Hammel-Kiesow. Die Hanse. München, 2000.