Главная

Факультет

Идеологическая и воспитательная работа

Учебный процесс

Студентам

Наука

Абитуриенту

XXI век: актуальные проблемы исторической науки и образования

БЕЛАРУСЬ У РЭВАЛЮЦЫI 1917 ГОДА: СIНЭРГЕТЫЧНЫ ПОГЛЯД

 

Скачать

В. А. Латышава, У. Н. Сiдарцоў

Рэспубліка Бэларусь, г. Мiнск

 

Праз ажыццяўленне Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. сістэма-дзяржава «адкінула» стары вобраз існавання, імя якому быў царызм i «пастаноўка» якога мела месца на Беларусі. На свет нарадзіліся такія структуры, як Саветы і Часовы ўрад. Яны здолелі здзейсніць «змену» старога, але такая дамінанта ў іх функцыі на гэтым скончылася. Далей такі «выбар» сістэмай працягнуў няўстойлівы стан нявызначанасці. Адсюль «выпрацоўка», а значыць, і «нарастанне» «незадаволенай» энергіі ўнутры сістэмы працягвалася. Сведчаннем таму быў рост колькаснага саставу палітычных партый, арганізацый, рост лічбы выступленняў... І гэта нездарма, бо сістэма рыхтавалася да грандыёзна-неабходных змен.

Ва ўмовах Першай cусветнай вайны працягваўся «імпарт» «негатыўнай» энергіі, інфармацыі ў сістэму, якая ўяўляла сабой адчыненую структуру. Сістэма-дзяржава заставалася ў стане нестабільнасці (палітычная актыўнасць шырокіх мас насельніцтва ўзрастала, рос уплыў на грамадства палітычных партый у сувязі з супрацьстаяннем адзначаных плыняў) і зрабілася вельмі чуллівай да знешніх уздеянняў. І «сігналы» нарастаючага хаосу відавочна праявіліся ва ўзнікненні альтэрнатыў далейшага крочання сістэмы-Расіі: буржуазна-рэфармісцкая, пралетарска-рэвалюцыйная, контррэвалюцыйны пераварот да аднаўлення манархіі. Адным з варыянтаў, народжаных нетрываласцю, была і такая рэальная альтэрнатыва больш складанага парадку для Беларусі, сцягам якой было нацыянальна-вызваленчае адраджэнне.

Хваля-ідэя, якая нарадзілася на Беларусі яшчэ на пачатку стагоддзя ў вобразе БСГ, назапашвала энергіі, каб у 1917 г. стаць сапраўдным нараджэннем асобнай дзяржавы-сістэмы Беларусі з бясконцага хаосу ў гісторыі беларускіх зямель. Час існавання Беларусі як сістэмы ў стане, каб захавацца, змяніўся на выбар шляху да парадку як болей складанай арганізацыі ў выглядзе аўтаноміі (абласной у складзе Расійскай дзяржавы з правамі самакіравання ў пытаннях гаспадарчага і культурнага жыцця, цi аўтаноміі з наяўнасцю заканадаўчага органа ў складзе Расійскай рэспублікі, цi палітычнай аўтаноміі), або «незалежнай» структуры сістэмы-Свету.

Народжаныя структуры, якія ўжо адлюстроўвалі тэндэнцыю да паваротнага, новага моманту ў гісторыі Беларусі, на пачатак вясны рэвалюцыйна-паваротнага года пачалі спробу зліцця ў адзінае цэлае, як адзін з фактараў дасягнення мэты – нараджэнне парадку. У сакавіку быў абраны Беларускі нацыянальны камітэт, які жадаў «навесці парадак» шляхам выбараў у Беларускую краёвую раду, распрацоўкі канстытуцыі, стварэння кааператываў, заснавання беларускамоўных школ, а пазней – мясцовых устаноў улады, вайсковых фарміраванняў. У ліпені была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый. Прайшлі выбары ў мясцовыя органы самакіравання. З хаоснай хуткасцю на Беларусі была абрана Вялікая беларуская рада, створана Цэнтральная вайсковая рада Заходняга фронту. Разам з тым дзейнічалi Аблвыканкамзах, СНК Заходняй вобласці.

Такая палітыка сутыкнулася і з іншай альтэрнатывай, якую прапаноўвала РСДРП(б) замест «нацыянальнай» і «часоваўрадавай» будучыні, – курсам на сацыялiстычную рэвалюцыю. Тым больш, што паражэнне на Паўднёва-Заходнім і Заходніх франтах (як энергія, якая выпрацоўвалася пад уздзеяннем сілы па-за межамі Расійскай сістэмы-дзяржавы) прынесла паўнату ўлады Часоваму ўраду, які ўжо запусціў быў рэпрэсіўную палітыку навядзення парадку.

У гэтых абставінах нарадзілася новая альтэрнатыва – ваенная дыктатура Л. Г. Карнілава, спроба ўсталявання якой была здзейснена ў жніўні таго ж года. Генерал, стаўка якога знаходзілася на Магілёўшчыне, прапаноўваў далейшае развіццё сістэмы-дзяржавы ў межах ваеннай дыктатуры праз ваенны мяцеж. Такі крок даваў шанец «навесці» парадак, але ці здолела б сістэма-дзяржава змяніць шыла на мыла?

Некалькі стагоддзяў царызму вычарпалі сябе (бо пры нараджэнні немаўля валодае большым патэнцыялам энергіі, чым у больш старэйшым узросце). Напэўна, таму, у які раз сутыкнуўшыся з магчымасцю знікнення, у лютым 1917 г. царызм перастаў існаваць. Каб развівацца далей, сістэма-дзяржава шукала меры самаарганізавання, але больш радыкальныя, паваротныя, бо далейшы контррэфармізм, або латанне дзірак на старым, як і прыйшоўшы амаль што анархічны час, маглі знішчыць, спыніць яе існаванне. Але карнілаўшчына, як i Часовы ўрад, не спадабалася сiстэме.

Аб’екту, што трансфармоўваўся (Расійскай сістэме-дзяржаве), больш рэальную альтэрнатыву прапаноўваў «ленінскі» шлях, бо ён інстынктыўна ўжо быў звязаны не толькі з вырашэннем пытання вайны і міру як «закрыццём» сістэмы, выхадам з эканамічнай разрухі і г. д., але і з ўвядзеннем новых структур, якія павінны былі знішчыць стары ўклад жыцця, а не толькі частковыя састарэлыя структуры. Пасля «сканіравання» альтэрнатыўнага фону сістэма і «выбрала» сваё развіццё ў межах дыктату пралетарыяту як стварэнне парадку больш складанай арганізацыі, чым мінулы. Яшчэ летам 1917 г. бальшавікі не мелі значнай падтрымкі насельніцтва, але ўжо ўвосень змаглі стаць на чале ўзброенага паўстання.

На Беларусі працэс самаарганізавання рабіў спробу ісці самастойна з-за вышэйназваных абставін, бо зноў Беларусь рэагавала як адчыненая сістэма, у межах якой пачала злівацца энергія ўнутраных структур з энергіяй з-за яе мяжы, якую імпартавалі як бальшавіцкая ўлада, так і Першая сусветная вайна.

Хаатычны парадак зрабіў спробу структурызавацца на больш складаным узроўні, калі дзейнасць беларускіх партый і палітычных груп, нацыянальна-вызваленчага руху ў сваім самаарганізаванні выбралі форму ўтварэння самастойнай дзяржавы. У вельмі складаных умовах 9 сакавіка 1918 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Усебеларускага з’езда. У межах рассялення і колькаснай перавагі яе насельніцтва Беларусь была абвешчана Народнай Рэспублікай – БНР. Народжана-рэарганізаваная сістэма пачала шлях уладкавання: пашпартызацыю грамадзян, зацвярджэнне дзяржаўнага герба і сцяга, прыняцце пастановы аб дзяржаўнай мове і г. д.

Такое «развіццё» мела не зусім натуральны характар. Яно было прадыктавана неабходнасцю нямецкай акупацыйнай палітыкі як самазахаваннем больш мацнейшай сістэмы. Але давала стартавую пляцоўку дзеля далейшага ўскладнення сістэмы-БНР. На жаль, хаосная хуткасць надае структуры-сістэме БНР функцыю страчвання актуальнасці і сучаснасці існавання ў межах сістэмы-Сусвету.

Імкненне новай Расіі шукаць парадак і надалей на ўсім мінулым «сваім» абшары, прэтэнзіі Украіны і Літвы, суадносіны паміж сістэмамі-дзяржавамі ў межах Сусвету, ратыфікаванне Рыжскага мірнага дагавору, Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г. у Германіі і інш. паставілі перад зусім нядаўна народжанай беларускай аўтаномнай сістэмай выбар шляху самазахавання. Міжсістэмнае ўзаемадзеянне атрымала вельмі небяспечны характар. І гэта ва ўмовах хаосу, які быў імпартаваны з-за мяжы і не мог быць структураваны сістэмай самастойна, і, каб захавацца, яна робіць новы паварот.

У межах далейшага пошуку парадку ў палоне ўлады свавольніка-хаосу ў межах су- светнай вайны і ленінскай Расіі сістэма-Беларусь «выбірае» будучыню як рэспубліка Савецкага Саюзу. 1 студзеня 1919 г. стала датай новага імя Беларусі – Беларуская Савецкая Рэспубліка.

Такая рэалізаваная альтэрнатыва, як існаванне Беларускай ССР, першапачаткова давала магчымасць няхай сабе абмежаванага, але самастойнага існавання Беларусі ў адрозненне ад мінулых стагоддзяў на правах узаемавыгаднага сімбіёзу. Такім чынам, вострае пытанне нацыянальнага самавызначэння было вырашына. Сістэма-Беларусь перайшла на стан існавання як больш складаная сістэма. З «Северо-западного края», «усходніх крэсаў», «далучаных губерняў» яна стала існаваць як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. На некалькі дзесяцігоддзяў гэта сістэма ў межах самазахавання зноў прадоўжыла існаванне ў складзе сістэмы-Расіі пад агульным імя – Савецкі Саюз, выступаючы з іншымі далучанымі рэспублікамі агульным цэлым.

1917 год з’явіўся паваротным момантам у гісторыі многіх з існуючых і зараз дзяржаў-сістэм. Невыпадкова, што такая падзея атрымала назву чырвонага кастрычніка, а сама ўлада бальшавікоў ужо патэнцыяльна-псіхалагічна павінна была асацыявацца з чырвоным колерам.


1. Василькова В. В. Порядок и хаос в развитии социальных систем: синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.
2. Гісторыя Беларусі / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля: У 2 ч. Мн., 2000.
3. Пантин В. И., Лапкин В. В. Волны политической модернизации в истории России (к обсуждению гипотезы) // Полис. 1998. № 2. С. 39–52.

 

 

president      miedu    pravo     bsu     universitet     banner gun rus

br   brsmmgi   mr   fpb   szh

gmiskonst

Контакты

220037, г. Минск, ул. Менделеева, д. 36
тел. +375 17 360-09-14
e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript. План проезда

График работы:
понедельник–пятница 8.20–20.30
суббота 08.20–14.30

Яндекс.Метрика